Preview

Наука и инновации

Расширенный поиск

У глабальным рэчышчы ведаў

Зборнік навуковых прац «Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні» уключаны ў Scopus – самую буйную, цытаваную і аўтарытэтную міжнародную базу рецэнзаванай навуковай інфармацыі ў свеце.

Уключэнне ў настолькі ўплывовую базу навуковых даных – сведчанне высокага ўзроўню публікацый перыядычнага выдання.

«Беларускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні» даўно і добра вядомае спецыялістам як альманах-штогадовік, заснаваны вядучай навуковай установай Рэспублікі Беларусь – Цэнтрам даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (галоўны рэдактар – загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў, доктар філалагічных навук, дацэнт Таццяна Валодзіна). З першага яго выхаду ў свет у верасні 2014 г. да сённяшняга дня перад чытачом з’явілася 10 выпускаў. Кожны з іх напоўнены рознабаковай і грунтоўнай інфармацыяй, датычнай фальклору і сумежных сфер. Гэта і даследаванні архіўных матэрыялаў, у тым ліку рукапісаў збіральнікаў фальклору мінулых гадоў і стагоддзяў, і найноўшыя знаходкі сучасных навукоўцаў, у тым ліку напрацоўкі ўдзельнкаў палявых этнаграфічных экспедыцый па краіне. Значнае месца адведзена вывучэнню народнай творчасці ў рэгіянальным і лакальным маштабе, нацыянальным традыцыям, захаваным суайчыннікамі ў розных кутках свету, а таксама адметнасцям і агульным рысам фальклорнай спадчыны беларусаў і суседніх народаў. Усё гэта стварае на старонках выдання цэласную карціну багацця народнай культуры ў рэтраспектыве і паказвае яе раўнапраўнае месца на «пасадзе між народамі» – у яскравай фалькларыстычнай палітры кантыненту і свету. Пазнаёміцца з матэрыяламі можна па спасылцы: https://ethno.by/bielaruskifalklor.

За гады развіцця друкаванага праекта ён сабраў мноства прыхільнікаў, садзейнічаў папулярызацыі культурнай спадчыны і яе зберажэнню. Асновай жа для гэтага былі і застаюцца прафесійная праца найлепшых вучоных і данясенне яе вынікаў да айчыннай і сусветнай навуковай супольнасці.